Па старонках беларускай літаратуры

На базе ГДУ імя Ф. Скарыны адбыліся чарговыя Міжнародныя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці народнага пісьменніка, акадэміка Івана Навуменкі.

Чытанні маюць выключнае значэнне для развіцця айчыннай навуковай літаратуразнаўчай думкі, а таксама выступаюць дзейсным інструментам выканання Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўвекавечанню памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі. Гэта абумоўлена значнасцю асобы пісьменніка ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры.

У праграме канферэнцыі былі абмеркаваны найбольш актуальныя праблемы жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, рэгіянальныя і нацыянальныя асаблівасці развіцця славянскіх літаратур на фоне сусветнай культурнай традыцыі, перспектывы існавання класічнага прыгожага пісьменства ў эпоху глабалізацыі. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя вучоныя славісты з Германіі, Англіі, Расіі, Польшчы, Украіны і Іспаніі, а таксама родныя Івана Якаўлевіча. Дадзенае мерапрыемства спрыяе вывучэнню творчай спадчыны пісьменніка, а таксама пашырэнню аўтарытэта Гомельшчыны як цэнтра рэгіянальных літаратуразнаўчых даследаванняў. Варта адзначыць, што мерапрыемства прыцягвае безумоўную цікавасць з боку навукоўцаў як беларускай, так і ўсходне-славянскай і заходне-еўрапейскай навуковых школ. Канферэнцыя такога кшталту дае магчымасць не толькі пазнаёміцца з вектарамі даследаванняў у галіне літаратуры, але і даведацца аб спецыфіцы междысцыплінарнага вывучэння мастацкага слова, што праводзіцца за межамі Беларусі. Такі падыход, безумоўна, здольны павысіць агульны ўзровень падрыхтаванасці, пашырыць межы навуковых зацікаўленасцяў супрацоўнікаў філалагічнага факультэта ўніверсітэта, а таксама навукоўцаў іншых устаноў рэспублікі.

У рамках канферэнцыі была праведзена прэзентацыя поўнага збору твораў народнага пісьменніка і перадача кніг бібліятэкам Гомельшчыны. Дзеці Івана Навуменкі (кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Валерыя Іванаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Павел Іванавіч) падаравалі дзесяць тамоў твораў свайго славутага бацькі рэктару нашага ўніверсітэта, старшыні аргкамітэта чытанняў Сяргею Хахомаву на знак падзякі за ўшанаванне памяці народнага пісьменніка і высокі ўзровень арганізацыі канферэнцыі. Кнігі перададзены ў чытальную залу ГДУ імя Ф. Скарыны дзеля шырокага азнаямлення са спадчынай нашага земляка.